Сярод пахавальных помнікаў ранняга сярэднявечча на
тэрыторыі Беларусі сустракаюцца курганы з каменнымі абкладкамі, у якіх па
перыметру падножжа насыпу выкладзена колца з камянёў. Камяні найчасцей ляжалі ў
адзін шэраг, але іх магло быць і больш, маглі быць складзеныя ў адзін або два
ярусы. Пахавальным абрадам было трупапалажэнне на ўзроўні гарызонту або ў
падкурганнай яме, арыентацыя ў асноўным заходняя, пахаванні збольшага
адзінкавыя, хаця трапляюцца і парныя. Пахавальны інвентар маецца не ва ўсіх
насыпах, і прадстаўлены ўпрыгожаннямі, амулетамі, керамікай, пераважна па
характару славянскімі. Знаходкі датуюцца канцом ХІ – пач. ХІІ ст. і
ХІІ–ХІІІ стст. На адных і тых жа могільніках сустракаюцца таксама і чыста
земляныя насыпы, і насыпы, дзе зямля ўперамешку з каменнем або з падабенствам
разрэджанай выбрукоўкі на гарызонце. Такія курганы распаўсюджаны як у
цэнтральнай частцы Беларусі, так і паўночней, закранаючы часткова басейн
Дзвіны, і яшчэ часцей сустракаюцца ў Сярэднім Пабужжы, уключаючы як беларускую,
так і польскую яго часткі.
На тэрыторыі Украіны курганы з каменнымі канструкцыямі
даследаваліся ў Жытомірскім Палессі (поўнач Жытомірскай і паўночны ўсход
Ровенскай вобласці), дзе вядома амаль два дзясяткі некропаляў. Маюцца такія
курганы і паўднёвей, у басейне р. Рось. На Букавіне два курганы з
каменнымі абкладкамі раскапаныя ў могільніку Дністроўка, які датуюць ХІІ –
першай паловай ХІІІ ст. На Падоллі курганы такога тыпу раскопваліся ў
могільніках Жнібароды І, Сакалец (Сокілець), Глыбачок.
У навуковай літаратуры існуе тэндэнцыя залічваць усе
курганы з каменнымі канструкцыямі да катэгорыі так званых каменных курганоў,
якія прынята лічыць пахавальнымі помнікамі яцвягаў. Аднак ва ўсходняй частцы
Мазурскага Паазер’я і ў басейне Чорнай Ганьчы, дзе па летапісных дадзеных былі
лакалізаваныя яцвягі, курганы Х–ХІІІ стст. увогуле адсутнічаюць. Затое ў
першай палове І тысячагоддзя н.э. курганы з каменнымі абкладкамі былі
распаўсюджаны ў шэрагу ўсходнебалцкіх плямёнаў: на тэрыторыі Латвіі – у
племянных арэалах латгалаў, селаў і земгалаў, а ў Літве – у арэале культуры
ўсходнелітоўскіх курганоў, дзе пераважалі з ІV да VII ст., а пазней дажываюць дзе-нідзе да VIII–X стст. Аднак на поўдні Літвы і прылеглай частцы Беларусі вядомыя
ўсходнелітоўскія курганы з каменнымі абкладкамі, якія адносяцца да ХІ ст.,
што робіць іх храналагічна блізкімі да курганоў з каменнымі канструкцыямі ў
Беларусі і Сярэднім Падняпроўі. З’яўленне аналагічных помнікаў на Букавіне і
Падоліі зрабілася магчымым пасля аб’яднання Валынскага і Галіцкага княстваў,
г.зн. пасля 1199 г.